Тэатр гістарычнага строю “Полацкі зьвяз” быў утвораны у кастрычніку 2002 г. пры Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур г. Полацка і носіць імя народнага калектыву. Удзельнікамі “Полацкага зьвязу” з’яўляюцца асобы, якіх аб’ядноўвае захапленне сярэднявечнай культурай і гісторыяй Беларусі, у тым ліку і Полаччыны. Сябры калектыву займаюцца вырабам рыцарскага ўзбраення, пашыўкай сярэднявечных строяў, аднаўленнем тэхнікі гістарычнага фехтавання, тэатральным фехтаванннем, пастаноўкай сярэднявечных танцаў і асобных спектакляў на гістарычныя тэмы.
Адзначаныя накірункі дзейнасці даюць магчымасці актыўна выкарыстоўваць “Полацкі зьвяз” у агульнагарадскіх святочных мерапрыемствах г. Полацка і Наваполацка. "ПОЛАЦКІ ЗЬВЯЗ" – адзін з лепшых клубаў на Беларусі. Афіцыйны статус – тэатр гістарычнага строю, – але загнаць тое, чым займаюцца сябры клуба ў межы нейкага вызначэння, не прадстаўляецца магчымым.
Самае каштоўнае ў клубе – людзі, з іх непаўторнымі характарамі, здольнасцямі, памкненнямі.
"Полацкі зьвяз" – дзіўная мазаіка. У калектыве дастаткова мірна ўжываюцца і знаходзяць агульную мову рабочыя, служачыя, настаўнікі, выкладчыкі, студэнты, школьнікі.
Падаецца, што быць «полацка-зьвязаўцамі», стала нават, у нейкай ступені, ганаровым. Прыклад? Калі ласка! Пасля пераезду на іншае месца жыхарства сябры «Полацкага зьвяза» тым ці іншым бокам імкнуцца ўдзельнічаць у жыцці клуба.
У нас адсутнічае фільтрацыйная сістэма адбору: каб стаць сябрам «Полацкага зьвяза», дастаткова толькі заявіць аб сваім жаданні і пачаць працу ў тым накірунку, які больш да спадобы: рабіць даспехі або ўпрыгожванні, гістарычныя строі, рэпеціраваць танцы для чарговай пастаноўкі, рыхтавацца да якога небудзь турніру ці хаця б проста з’яўляцца час ад часу ў клубе, каб паказаць, што ты яшчэ жывы і пацікавіцца клубнымі справамі. У нас няма іерархіі, якая характэрна для большасці рыцарскіх клубаў. Лічым гэта здаровай з’явай, якая перабольшвае вялікую колькасць мінусаў.